ЭТЫЯЛІ́РАВАНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад франц. étioler рабіць бледным, кволым),
расліны, якія выраслі пры нястачы святла, у цемнаце. Адрозніваюцца бледна-зялёным ці жаўтаватым колерам (хларафіл цалкам ці часткова адсутнічае), далікатнай канстытуцыяй (дрэнна развіта мех. тканка), выцягнутым сцяблом, слабаразвітым лісцем. У тканках Э.р. шмат гармонаў (аўксінаў), якія забяспечваюць расцягванне клетак. Пры дастатковым асвятленні Э.р. зелянеюць. Этыяліраваныя органы некат. агароднінных раслін (напр., пупышкі капусты, цыбулі, падземныя парасткі спаржы) спажываюць.
т. 18, кн. 1, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)